1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

"Іване, ты жывеш!" Гісторыя кахання Івана Луцкевіча

25 марта 2026 г.

Ён марыў пра незалежную Беларусь і шчаслівую сям'ю. У Дзень Волі ўспамінаем гісторыю кахання аднаго з айцоў-заснавальнікаў БНР Івана Луцкевіча.

https://p.dw.com/p/5B6BE
Сімвалічная магіла братоў Луцкевічаў у Вільне
Сімвалічная магіла братоў Луцкевічаў у Вільне. Злева - словы словы Юліяны "Іване, ты жывеш!"Фото: Alexandra Boguslawskaja

"Ягоная душа жыве і ў душах беларускага народу", - пісала Юліяна Мэнке пра аднаго з галоўных дзеячаў Беларускага адраджэння Івана Луцкевіча. Для яе ён быў не толькі палітыкам і барацьбітам, але каханым чалавекам. Іх гісторыя паўстае ў кнізе Мэнке "Мае ўспаміны" - шчымлівым аповедзе пра каханне ў час вайны і барацьбы за незалежную Беларусь.

Зацікавіў беларушчынай

Іван Луцкевіч і Юліяна Мэнке пазнаёміліся ў Вільні ў 1915 годзе. Ён - беларускі палітык, грамадскі дзеяч, публіцыст, краязнаўца. Удзельнічае ў працы Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым і Беларускага народнага камітэта, выпускае газеты, апякуецца беларускімі школамі, збірае старажытнасці . Ён верыць, што пасля вайны і паразы Расейскай Імперыі з'явіцца шанец на стварэнне незалежнай Беларусі.

"І Іван са свойскім яму парывам і палётам пачаў казаць, што цяпер паўстае час, калі паняволеным народам трэба каваць свой собскі лёс", - успамінае Юліяна Мэнке. Паводле яе, Луцкевіч застаецца ў Вільні пад нямецкай акупацыяй, каб "арганізаваць беларускае грамадзянства да самастойнага палітычнага жыцьця" і ў "адпаведны мамэнт стварыць сваю незалежную беларускую дзяржаву".

Юліяна Мэнке таксама волей лёсу аказваецца ў Вільні. Мэнке паходзіць з заможнай сям'і віленскіх немцаў, яна скончыла Вышэйшыя жаночыя курсы ў Пецярбургу, атрымала працу пры кафедры гісторыі мастацтва і марыла займацца навукай, але з-за вайны вярнулася дадому.

Юліяна і Іван пасябравалі, ён прыцягвае Мэнке да працы ў Беларускім камітэце і вучыць беларускай мове. "Пан Іван зацікавіў мяне нацыянальнымі пытаньнямі роднага краю, асабліва беларускім. Каб навучыць мяне добрай беларускай мове, ён гутарыў са мной па-беларуску", - напіша пазней Юліяна.

Луцкевіч адмаўляецца ажаніцца пакуль ідзе вайна

З часам сяброўства перарастае ў рамантычныя адносіны. Закаханыя доўгі час хаваюць пачуцці ад родных і сяброў але, па словах Мэнке,"блізкія з вачэй нашых чыталі, што мы закаханая пара".

Летам 1916 года Луцкевіч дорыць Юліяне заручальны пярсцёнак, але адмаўляецца ажаніцца, пакуль ідзе вайна, бо трэба рыхтвацца да "лепшага ладу ў родным краі", акрамя таго стварыць сям'ю не дазваляе яго матэрыяльнае становішча, а жыць за кошт жонкі ён не хоча.

"Калі ён здолее столькі зарабляць, што зможа ўтрымаць сваю сям'ю, тады мы абвянчаемся. Цяпер, у часы акупацыі, ён нідзе працаваць ня можа, бо ўтраціў бы сваё незалежнае становішча й ня мог бы праводзіць сваю лінію ў палітычнай працы", - тлумачыць Юліяна ў сваіх успамінах.

Усё ўскладняецца тым, што Луцкевіч цяжка хворы: яшчэ ў студэнстве падчас заключэння ў маскоўскай турме "Кресты" ён пачынае хварэць на сухоты. У  1917-м урач кажа Юліяне, што ў Івана левага лёгкага няма, а ад правага "астаткі", і што яе каханы не пражыве больш двух-трох гадоў.

Луцкевіч адмаўляецца ад лячэння

Сам Луцкевіч адмаўляецца ад лячэння, жыве вельмі сціпла, усе грошы выдаткоўвае на патрэбы будучага музея. Юліяна праз служанку, цішком, перадае яму ежу, бо напрамую "гэткіх падаркаў ён не прыняў бы".

Нягледзячы на хваробу, Іван не губляе аптымізму, верыць, і ў светлую будучыню Беларусі, і ў тое, што яны з Юліянай заручацца, "уладзіяць гняздо", народзяць дзяцей. 

У сакавіку 1918 Луцкевіч едзе ў Менск, дзе 25 сакавіка адбываецца абвяшчэнне незалежнасці Беларускай народнай рэспублікі. Паездка пагаршае яго здароўе, але па вяртанні ў Вільню ён працягвае працаваць, нарады па беларускіх справах праходзяць літаральна каля яго ложка.

У  чэрвені 1919 года Луцкевіч нарэшце пагаджаецца выехаць для лячэння на польскі курорт Закапанэ. У хуткім часе Юліяна прыязджае да яго. Перад смерцю, паводле яе успамінаў, Іван шкадуе, што "часта быў "немагчымы", і галоўнае - не ажаніўся са сваёй каханай.

"Ты добрая…" - такімі, паводле Юліяны Мэнке, былі апошнія словы Івана Луцкевіча. Яна была побач з ім да самага канца.

Ручнік Юліяны Мэнке
Ручнік Юліяны Мэнке з фондаў Віленскга беларускага музэя імя Івана ЛуцкевічаФото: Belarussisches Museum von Ivan Luckevich in Vilnius

Музейная традыцыя Луцкевіча працягваецца

Пасля яго смерці ў Вільні пачало працаваць Беларускае навуковае таварыства, а на аснове збору Івана ў 1921 годзе быў адкрыты Віленскі беларускі музей яго імя - справа, якой рупіўся брат Антон Луцкевіч. Музей існаваў да 1939 года: пасля ўваходу савецкіх войскаў у Вільню Антон быў арыштаваны, установа зачынена.

У час нямецкай акупацыі музей ненадоўга аднавіў працу, але ўжо ў 1944‑м экспазіцыю загадалі вывезці, і частка найбольш каштоўных прадметаў была схавана ў касцёле Святога Міхаіла Арханёла. Пасля вайны калекцыю размеркавалі паміж Літвой і Беларуссю; у Беларусь трапіла толькі малая частка.

Аднак праз дзесяцігоддзі музейная традыцыя Луцкевіча вярнулася: у сталіцы Літвы паўстаў адноўлены музей, які, паводле яго дырэктаркі Людвікі Кардзіс, з’яўляецца не проста музеем, а беларускай культурнай прасторай, што аб’ядноўвае калекцыю, творчую пляцоўку, школку. Яна ж адзначае: "Цяжка ўявіць, што Іван Луцкевіч мог зрабіць пры сваёй энергіі і нястомнасці - чалавек, які фактычна прыдумаў Беларусь і шляхі яе ажыццяўлення".

На сімвалічным помніку - словы Мэнке

Юліяна Мэнке ў 1922 годзе выйшла замуж за беларускага дзеяча, архітэктара Лявона Вітан-Дубейкаўскага, пасля его смерці выехала ў Германію, у 1941 годзе апынулася ў Берліне і была накіраваная на працу перакладчыцай ў Міністэрства для патрэб вайны. Пасля вайны пераехала ў Нюрнберг, дзе зарабляла лекцыямі. Менавіта там у ліпені 1953 года яна напісала кнігу "Мае ўспаміны", прысвечаную Івану Луцкевічу. Яго нашчадкам Юліяна перадала амаль ўсе каштоўныя падарункі, якія калісьці дарыў ёй Іван.

"Я ж і так верыла, што ягоная сьветлая, чыстая душа жыве далей і, ведаю, яна жыве і ў душах беларускага народу, якому ён аддаў усе сілы душы сваёй. Калі Бог пазволіць перавезьці цела Івана ў Вільню, то я яму на камні накажу зрабіць надпіс, як рабілі першыя хрысьціяне ў катакомбах сваім дарагім памершым: "Іване, ты жывеш!" - пісалаЮліяна.

Рэпатрыяваць яго цела так і не ўдалося: у Закапанэ, на ягоным месцы пахавання, за гады з’явіліся новыя магілы, і эксгумацыя стала амаль немагчымай, у тым ліку з фінансавых прычын. Але ў 1993 годзе на могілках Росы у Вільні быў асвечаны сімвалічны кенатаф, на якім можна прачытаць поўныя цеплыні словы Юліяны: "Іване, ты жывеш!"

Пропустить раздел Еще по теме

Еще по теме