Лявон Вольскі: "Я не скарджуся на адсутнасць натхнення"
10 февраля 2026 г.
З Лявонам Вольскім мы сустракаемся ў Беларускім моладзевым хабе ў Варшаве. Тут у яго маленькая, але светлая і ўтульная майстэрня. На мальберце - амаль скончаны пейзаж у шэра-блакітных колерах, каля сцяны - яшчэ з дзясятак карцін. Суразмоўца прызнаецца, што ў эміграцыі больш часу стаў надаваць выяўленчаму мастацтву, але музыка па-ранейшаму займае галоўнае месца ў яго творчасці.
Цяпер Вольскі запусціў краўдфандынг на вінілавае выданне альбома "Psychasamatyka", якому сёлета спаўняецца дзесяць гадоў.
"Любая з гэтых песень адгукаецца ў маёй душы"
DW: Чаму вы вырашылі выпусціць "Psychasamatyku" на вініле?
Лявон Вольскі: Для мяне тады быў досыць цяжкі перыяд жыцця, з якога я выходзіў таксама і праз працу над гэтым альбомам (альбом "Psychasamatyka" запісаны ў 2016 годзе. - Рэд.). І вось цяпер мы хацелі б зрабіць перавыданне на вініле.
Цяпер ёсць 15% ад неабходнай сумы, гэта ўжо някепска. Як толькі будзем трымаць плытку ў руках, абавязкова анансуем канцэрт, як гэта было з "Грамадазнаўствам" (альбом выйшаў на вініле ў 2024 годзе. - Рэд.). Тады вынік нас проста агаломшыў, настолькі гэта класна гучала.
- Якія кампазіцыі з "Psychasamatyki" для вас асабліва важныя?
- Я не вылучаю, я сам гэта ўсё пісаў, любая з гэтых песень адгукаецца ў маёй душы. Я ўзгадваю той час, што мяне натхніла на стварэнне гэтых песень... Ёсць такія, якія ідуць праз гады, граю іх досыць часта.
- Вы былі амаль увесь час забароненыя ў Беларусі. Як атрымліваецца захоўваць слухачоў?
- Напэўна, пісаць песні пра тое, што людзей хвалюе: каб гэта адгукалася і музычна, і лірычна.
"У творчасці няма забароненых прыёмаў"
- Цяпер вельмі шмат беларусаў апынуліся за мяжой. Як развіваць культуру тут і цяпер?
- Здаецца, у 1970-я гады ў часопісе "Нёман"выйшаў пераклад на рускую мову рамана Уладзіміра Караткевіча "Дзікае паляванне караля Стаха". Яго вельмі хутка раскупілі, "Нёман" было не знасці. І народ сказаў: "Ай, ладна, буду па-беларуску чытаць". Гэта была масавая папулярнасць.
У нас у асноўным творцы ўсе інтэлектуальныя і займаюцца вельмі сур'ёзнымі жанрамі, за рэдкім выключэннем. Напрыклад, Альгерд Бахарэвіч напісаў падлеткавы бестселер "Капітан Лятучая Рыба". Я быў вельмі здзіўлены, калі ён даслаў мне гэты тэкст, таму што гэта абсалютны выхад за межы звышінтэлектуальнага, постмадэрнісцкага.
Я думаю, што шмат у чым трэба арыентавацца, як гэта ні смешна гучыць, на поп-культуру. Я не кажу, што трэба скатвацца да кітчу: народу таксама патрэбныя прыклады добрага мастацтва. Хаця кітч можна выкарыстоўваць, у творчасці няма забароненых прыёмаў.
"У Беларусі бракуе свабоды"
- Чаго бракуе беларусам ў Беларусі і за мяжой?
- У Беларусі бракуе свабоды, бо творчасць - гэта свабода. Калі ты будзеш ставіць свайго ўнутранага цэнзара, ты не будзеш папулярны. Хто пойдзе на артыстаў, якія ездзяць па перадвыбарных турах і праслаўляюць Лукашэнку? Калі ты такі праўладны, калі прагінаешся, якая ты зорка? Зоркі на "Грэмі" масава пратэстуюць супраць палітыкі амерыканскага кіраўніцтва.
А ў мастацтве, можа быць, не хапае крэатыву, нечаканых ідэяў.
- Ці можа мастацтва аб'яднаць беларусаў па абодва бакі мяжы?
- Задача мастацтва, каб нацыя была зцэментаваная: чытаць адны і тыя ж кнігі і слухаць адны і тыя ж песні.
- Колькі нам яшчэ да гэтага?
- Ужо на парозе, ужо хутка. Я заўсёды так кажу, ужо хутка 35 гадоў (смяецца. - Рэд.). Але я ўпэўнены, што для гісторыі гэта досыць кароткі адцінак, нічога страшнага, перажывем гэта ўсё і трэба будзе хутка ўлівацца ў будаўніцтва новай Беларусі. А вось гэта будзе тая яшчэ задача!
"Народу патрэбен прафесійны псіхолаг"
- Вы казалі, што беларусам у Беларусі бракуе свабоды. Цяпер вы за мяжой - як гэта паўплывала на вашу творчасць, на самаадчуванне?
- Я і ў Беларусі не адчуваў сябе несвабодным: казаў тое, што я думаю, ніколі не фільтраваў свае допісы ў Facebook. Я заўсёды ў інтэрв'ю казаў тое, што я хацеў сказаць. Былі, безумоўна, журналісты, якія казалі: "Давайце без палітыкі". Я адказваў: "Якая тут палітыка? У самым горшым азначэнні гэта можна назваць грамадскай пазіцыяй".
Самае непрыемнае, калі народ прызвычайваецца да думкі, што "пра гэта нельга гаварыць". Пра што тады можна?
- Як беларусам пазбавіцца самацэнзуры?
- Вельмі цяжка, гэта сур'ёзны працэс, народу патрэбен прафесійны псіхолаг, бо за намі - столькі дзясяткаў гадоў унутранай цэнзуры.
Была такая сітуацыя: год, магчыма, 2008, адзін афіцыйны гурт вырашыў здымаць кліп у кліпмэйкера, які перад гэтым здымаў кліп для "Крамбамбулі". І пытаецца: "А нас не пасадзяць?" Пры гэтым у "Крамбамбулі" адзінае, што было тады апазіцыйнага, - гэта бадай што толькі мова.
А за мяжой мы бачым, як без гэтага прэсінгу хутка пачынаецца крытыка ўсяго. Атрымліваецца такі агульны беларускі гармідар - але гэта нічога, дэмакратыя.
- Ці можна пераключыць увагу людзей на нешта станоўчае, стваральнае?
- Яно і мусіць пераключыцца. У эміграцыі, з аднаго боку, ты знаходзішся ў дэмакратычным грамадстве і можаш казаць, што хочаш, ісці, куды хочаш, глядзець, што хочаш. А з іншага боку, тут не так проста: легалізацыя, выжыванне. Трэба прыдумляць нейкія рэчы, якія адгукаюцца беларусам.
"Не баяцца, адкрыцца свету і ісці сваім шляхам"
- Дзе вы бераце энергію і натхненне?
- З жыцця, з усяго, што адчуваю. Былі розныя гады, былі гады, калі цяжка пісаліся песні да "Грамадазнаўства". Для "Белай яблыні грому" я браў вершы беларускіх паэтаў і адаптоўваў на сучасныя рытмы, таму што сваё мне не пісалася. Пасля "Грамадазнаўства" прайшоў ужо досыць вялікі адрэзак часу, і я не скарджуся на адсутнасць натхнення.
У Беларусі я ніколі так сур'ёзна не займаўся выяўленчым мастацтвам. Тут жа мне вылучылі памяшканне: і прасторы хапае, і, галоўнае, святла. Час ад часу, калі я працую, прыходзяць людзі - вітаюцца, дзякуюць.
Год таму я пачаў жывапісны праект - 12 алейных карцін "Беларускія прыказкі і прымаўкі". Звычайна я практыкую экспрэсіянізм або наогул беспрадметны авангард, але тут ёсць некаторыя фігурныя рэчы, ёсць досыць пейзажызма. Самую першую карціну "Ваўком ваўка не зацкуеш" я адклаў, потым да яе вярнуўся, і яна ўжо практычна завершаная. Я думаю, што ў першай дэкадзе красавіка будзе мая выстава ў Музеі Вольнай Беларусі.
- Што б вы маглі пажадаць ці параіць беларусам?
- Можа падацца, што гэта лёгкая парада ад чалавека, які быццам бы знаходзіцца ў бяспецы, але ніхто з нас, насамрэч, не ў бяспецы. Чым больш мы баімся, чым больш мы сябе цэнзуруем, тым горш у нас ідуць справы, асабліва творчыя, ды і жыццёвыя таксама. Так што найперш трэба не баяцца, адкрыцца свету і ісці сваім шляхам.