1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Сяргей Паўлавіцкі: Заданаціў 600 даляраў - апынуўся ў КДБ

18 февраля 2026 г.

Перакладчыка Сяргея Паўлавіцкага асудзілі за данаты беларускім ініцыятывам, у зняволенні ён правёў два гады. Пра вызваленне пасля перамоваў Лукашэнкі з ЗША, нямецкую мову ў калоніі і салідарнасць - у інтэрв'ю DW.

https://p.dw.com/p/58NX0
Сяргей Паўлавіцкі пасля вызвалення ў Вільні
Сяргей ПаўлавіцкіФото: lookby.media

Перакладчык Сяргей Паўлавіцкі да 2020 года супрацоўнічаў з амбасадай Германіі ў Мінску і шматлікімі нямецкімі арганізацыямі ў Беларусі. Летам 2023 года ён на тры месяцы выехаў у Швейцарыю. У 2020-м Сяргей заданаціў каля 600 даляраў на беларускія ініцыятывы, таму вяртацца дадому магло быць небяспечным і ён вырашыў падаць дакументы на нямецкую гуманітарную візу. Не дачакаўшыся рашэння, Сяргей, у якога сканчваўся беларускі пашпарт, усё ж рызыкнуў вярнуцца дахаты. На наступны дзень пасля вяртання яго затрымалі. Ліст з адмовай у нямецкай візе яму прыйшоў ужо ў той момант, калі Паўлавіцкі знаходзіўся ў СІЗА КДБ. Яго асудзілі да трох гадоў пазбаўлення волі за данаты, у зняволенні ён правёў два гады.

Пра вызваленне ў выніку перамоваў Лукашэнкі з ЗША, допыты ў КДБ, нямецкую мову ў беларускай калоніі і салідарнасць беларусаў перакладчык распавёў у інтэрв’ю DW.

Вызваленне з калоніі і выезд ва Украіну

DW: Як адбывалася вашае вызваленне?

Сяргей Паўлавіцкі: Нас з Магілёўскай калоніі было, здаецца, 17 чалавек або нават больш. У тым ліку спадар Фядута, ён жа таксама з нашай калоніі. Асабліва раздумваць не было калі, таму што ўвесь час над тваёй душою стаіць афіцэр і крычыць: "Хутчэй, хутчэй, збірай рэчы". Гэта рабілі ўначы, каб было як мага менш увагі збоку. Яны ўвесь час турбуюцца, каб не прыцягнуць лішняй увагі - з аўтобусамі, канваяваннем. КДБшнікі ўвесь час клапаціліся толькі пра тое, каб гэта не прасачылася да грамадскасці, каб асабліва пра гэта ніхто не ведаў.

Рукі ўзялі ў кайданкі, пасадзілі ў аўтобус. Там сядзелі нейкія хлопцы, здаецца, спецназ, можа, унутраныя войскі, можа, КДБшная "Альфа". Асаблівай цікавасці да нас яны не праяўлялі. Ехалі мы даволі доўга, здаецца, мы заязджалі ў Шклоў, забіралі яшчэ кагосьці, яўна ехалі не наўпрост да мяжы.

Каля мяжы нас перасадзілі ў другі аўтобус. Папярэдні знялі кайданкі, заматалі рукі скотчам. Новы аўтобус аказаўся ўжо ўкраінскім. З намі быў беларускі суправаджальнік, які давёз нас да мяжы. Казалі не здымаць шапкі, не глядзець па баках. Кожнаму раздалі па ланч-пакету - папяровы пакецік з бутэлькай вады і бутэрбродам. На ім не было ніякіх знакаў, але я так разумею, што гэта ўжо, можа, украінскі Чырвоны Крыж паклапаціўся.

Калі мы пераехалі праз мяжу, стала ясна, што мы ва Украіне, нехта ўбачыў памежны знак. Тое, што нас прывезлі туды, было вялікай нечаканасцю. Калі мы ехалі, сонца свяціла не з таго боку, з якога мусіла б, калі б нас везлі на поўнач або на захад. І тады з’явілася думка: што за цікавы такі маршрут?

На ўкраінскай тэрыторыі ў аўтобус зайшоў Буданаў (Кірыл Буданаў - на той момант кіраўнік Галоўнага ўпраўлення разведкі міністэрства абароны Украіны. - Рэд.) , прадставіўся і патлумачыў, што на просьбу амерыканскага боку ўкраінцы гатовыя нас прыняць, і апекавацца намі будзе служба па прыёме ваеннапалонных. І вось гэты наш аўтобус у суправаджэнні машын хуткай дапамогі і паліцыі паехаў у Чарнігаў у лякарню.

Гуманітарная віза і пераезд у Германію

- А як вы апынуліся ў Германіі?

- Яшчэ калі я быў ва Украіне, у Чарнігаве, мне прыйшло паведамленне ад чыноўніка з нямецкага МЗС, што на хадайніцтва маіх знаёмых, калег, з якімі я раней працаваў, МЗС спрабуе дабіцца ад МУС дазволу, каб я мог выехаць у Германію і атрымаць там міжнародную абарону. Пазней мне паведамілі, што праца вядзецца, але рашэнне яшчэ не прынятае.

Калі мы ўжо ехалі з Украіны ў Польшчу, у сераду ў другой палове дня той жа самы чыноўнік мне напісаў, што рашэнне прынятае і Міністэрства ўнутраных спраў Германіі дазволіла выдаць мне гуманітарную візу і пашпарт замежніка, бо беларускага пашпарта ў мяне няма.

Даехаўшы да Вільні, я звярнуўся ў нямецкую амбасаду. Супрацоўніца сустрэла мяне каля аўтобуса і патлумачыла, якім чынам я атрымаю дакументы. І сапраўды ўжо ў пятніцу я меў на руках пашпарт замежніка з уклеенай туды нацыянальнай візай на паўгода паводле параграфа 22.

Данаты, КДБ і прысуд у Беларусі

- За што вас судзілі ў Беларусі?

- Мая справа - гэта данаты, фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці. Я сапраўды зрабіў пэўны ўчынак, які цяперашнімі ўладамі Беларусі разглядаецца як злачынства. Таму я разумеў, што ў мяне ёсць пэўная віна перад імі з іх пункту гледжання.

- Вы ахвяравалі каля 600 даляраў. Што вас матывавала данаціць?

- Першы данат, калі я правільна памятаю матэрыялы крымінальнай справы, таму што ў Facebook я больш праверыць не магу, быў яшчэ, здаецца, у ліпені (2020 года. - Рэд.), калі былі першыя сутыкненні з міліцыяй каля Плошчы Перамогі. І да траўня 2021 года. У першую чаргу гэта быў ByHelp, дапамога пацярпелым на пратэстах, а потым выезд за мяжу, у тым ліку Беларускай радзе культуры, дапамога журналістам у выездзе за мяжу, збор BySol якраз такога кшталту. То бок я звычайна даваў грошы на вырашэнне тых праблем, якія з'яўляліся, або на канкрэтных людзей, якія пацярпелі, якіх выгналі з працы на падставе таго, што яны былі незалежнымі назіральнікамі.

Нямецкая мова ў калоніі і салідарнасць пасля вызвалення

- Ці маглі вы практыкаваць нямецкую мову ў калоніі?

- У калоніі можна карыстацца толькі рускай і беларускай мовай. Так, здаецца, нават прапісана ў правілах унутранага распарадку, каб супрацоўнікі маглі за гэтым усім сачыць. Але я ўсё ж сябе прымушаў працаваць. Скажам, кніжку чытаеш і думаеш: як яно перакладаецца? Чытаеш кніжку, перакладзеную з нямецкай, напрыклад, Рэмарка, і робіш гэтак званы зваротны пераклад. Або я трэніраваўся і ў вусным перакладзе. Гэта калі ты, напрыклад, глядзіш фільм або навіны, нейкія там "Контуры" па АНТ, і перакладаеш сабе. Можа, нават пад нос сабе шэпчаш, робіш сінхронны пераклад. І тады, адпаведна, заўважаеш, дзе табе не хапае слоўнікавага запасу, і прыгадваеш, спрабуеш аднавіць у памяці.

Гэта стандартная практыка. Толькі што рабіць яе прыходзілася ў такіх незвычайных умовах, але там кожны забаўляецца на свой лад. Напрыклад, мой добры знаёмы бізнес-кансультант аналізаваў працэсы на вытворчасці, і мы з ім абмяркоўвалі, якія парады можна было б даць адміністрацыі. Парад мы не давалі, мы не супрацоўнічалі з адміністрацыяй у гэтым сэнсе, але мы аналізавалі тое, што адбываецца.

- Хто і як падтрымлівае вас пасля вызвалення?

- Я вельмі рады, што тое, што пачалося ў 2020 годзе, захавалася. Ёсць фундацыі, валанцёрскія ініцыятывы, медычная і юрыдычная дапамога, ментары. Вельмі радуе, што тое, на што я калісьці даваў грошы, дало плён і вырасла ў сапраўдныя структуры.

У Дортмундзе мне дапамагае Міжнародны адукацыйны цэнтр, які даўно супрацоўнічае з Беларуссю і мае сваю даччыную арганізацыю - Мінскі міжнародны адукацыйны цэнтр. Я з гэтай арганізацыяй працаваў больш за дзесяць гадоў. З супрацоўніцтва выраслі прыязныя стасункі.

Я вельмі ганаруся тымі, хто застаецца ў краіне. Я разумею, што менавіта ад тых, хто ў краіне, у першую чаргу будзе залежаць, як будуць выглядаць змены. А мы ў эміграцыі можам толькі спрыяць гэтаму, на жаль, хутчэй ускосна. 

Пропустить раздел Еще по теме

Еще по теме

Показать еще