1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Каханне праз краты. Дзве гісторыі былых палітзняволеных

13 февраля 2026 г.

Пасля вызвалення і прымусовай высылкі з Беларусі 13 снежня 2025 года былыя палітвязні Павел Севярынец і Уладзь Лабковіч нарэшце абнялі сваіх жонак. Іх гісторыі кахання - у DW.

https://p.dw.com/p/58imH
Сэрца на далоні
У беларускіх турмах па палітычных матывах знаходзяцца прынамсі 20 сем'яўФото: Colourbox

Паводле праваабарончага цэнтра "Вясна", на 13 лютага 2026 года у Беларусі ў турмах утрымліваецца 1141 палітвязень. Сярод іх - прынамсі 20 сем'яў, у якіх рэпрэсаваныя муж і жонка, бацькі і дзеці. Дзмітрыя і Вольгу Капузаў з Брэста асудзілі на 24 і 21 год зняволення за дапамогу Украіне. Таксама за кратамі знаходзяцца наступныя сямейныя пары: Станіласлаў Мачалаў і Святлана Якубовіч, Наталля і Сяргей Дароніны, Кацярына Андрэева (Бахвалава) і Ігар Ільяш ды іншыя.

За кожным прозвішчам палітзняволенага - не толькі прысуды і тэрміны, але і чалавечыя лёсы, сям'я, пачуцці, чаканне. Для герояў нашага артыкула - Паўла і Вольгі Севярынец, Уладзіміра і Ніны Лабковічаў - гэта гісторыя са шчаслівым фіналам.

"Пашавы вочы запалі ў сэрца"

"Калі я Волечку абняў, гэта проста цуд, таму што я так доўга яе не бачыў, не дакранаўся - і вось мы нарэшце разам", - расказвае пра сустрэчу з жонкай пасля пяці з паловай гадоў турмы палітык, экс-палітзняволены Павел Севярынец.

Гэта было не першае іх растанне: з 12 гадоў сумеснага жыцця палову Павел правёў за кратамі. "А калі браць з таго моманту, як мы пазнаёміліся, з 16,5 гадоў, то 9,5 быў у турме, на сутках або на хіміі", - удакладняе Павел.

Упершыню ён убачыў Вольгу восенню 2009 года: сусед Паўла запрасіў яе разам з сяброўкамі паглядзець фільм пра пратэсты-2006 "Плошча". Потым Павел сам запрасіў дзяўчыну на курсы "ды-джэяў адраджэння". "Там я зразумеў, што закахаўся", - прызнаецца палітык.

Павел і Вольга Севярынец
Павел і Вольга Севярынец у дзень шлюбуФото: privat

"Пашавы вочы запалі ў сэрца, вельмі глыбокія і прыгожыя. Вельмі дзіўна, я адчувала, што Паша будзе маім мужам амаль з самага пачатку", - распавядае Вольга. - А першае свядомае пачуццё нарадзілася, калі Павел пасля выбараў 2010 года сядзеў у "амерыканцы" (камера ў СІЗА КДБ у Мінску. - Рэд.), я яму пісала лісты, спрабавала па-сяброўску дапамагчы, а ў выніку закахалася".

Паўлу і Вользе яшчэ не раз выпадала раставацца, але гэта не пашкодзіла іх пачуццям. "Мы кахаем адзін аднаго, і тут ужо рашэнне на ўсё жыццё і пасля - на нябёсах", - кажа Павел.

Паўтысячы лістоў пяшчоты

У час апошняга зняволення ў Паўла і Вольгі было ўсяго некалькі кароткіх і два доўгія спатканні за больш чым пяць гадоў. Вользе асабліва запомнілася сустрэча з мужам ў калоні ў Шклове. "Нам далі двое сутак. Было такое шчымлівае разуменне, што з кожным імгненнем гэтага часу становіцца ўсё менш і страшна хоць хвіліну згубіць, - узгадвае яна. - У мяне дагэтуль ёсць пэўны страх, што ў мяне хтосьці зноў забярэ Паўла".

"Волечка падчас спатканняў была вельмі бадзёрая, вельмі правільна сябе паводзіла, таму што падчас сустрэч з роднымі ў турме ты асабліва ўразлівы", - кажа Павел.

Таксама, па яго словах, вельмі дапамагала перапіска. Ён пісаў пра пачуцці, пра яскравыя моманты мінулага, шмат цікавіўся сынам. "У лістах ён быў вельмі пяшчотны, я не памятаю ніводнага ліста, дзе б ён паскардзіўся на тое, што ён сябе кепска адчувае, ці яму цяжка. У мяне цяпер каля паўтысячы лістоў, і амаль кожны з іх пачынаецца з нейкага новага пяшчотнага слова ці эпітэта да мяне", - адзначае Вольга.

Паўла вызвалілі і прымусова вывезлі з Беларусі 13 снежня 2025 года. Вольга кажа, што ёй нават цяжка апісаць эмоцыі і пачуцці ў момант, калі яна даведалася, што муж на свабодзе. "Сустрэча на вакзале ў Вільні была больш стрыманая, мы крыху былі разгубленыя, бо вакол былі журналісты, сябры. А мы адвыклі фізічна быць побач адно з адным. Але, канешне, я была вельмі рада, што я магу нарэшце яго абняць, што Францішак (сын Вольгі і Паўла. - Рэд.) так шчыра да яго імкнецца, што вось-вось мы зможам застацца сам-насам", - расказвае Вольга.

Цяпер Павел і Вольга стараюцца навярстаць страчаны час, шмат размаўляюць і мараць вярнуцца ў Беларусь.

"У думках браў за руку жонку і мы гулялі"

"У самыя цяжкія моманты ў ШЫЗА, у адзіночнай камеры я заплюшчваў вочы, у думках браў за руку жонку і мы гулялі па розных гарадах Італіі, Іспаніі. Гэта мяне моцна-моцна падтрымлівала і давала магчымасць прайсці праз усё", - расказвае праваабаронца, былы палітзняволены Уладзімір Лабковіч. Ён, як і Павел Севярынец, быў вызвалены і дэпартаваны з Беларусі 13 снежня 2025 года.

Гісторыя Уладзіміра і Ніны пачалася ў 2004 годзе ва ўкраінскім Харкаве, куды яны прыехалі ў якасці назіральнікаў за выбарамі. Ён - з Беларусі, яна - з Казахстана.

Уладзь Лабковіч з жонкай і дзецьмі
Уладзь Лабковіч з сям'ёй пасля вызваленняФото: privat

Ніна ўзгадвае, што будучы муж прыемна ўразіў яе сваімі расповедамі пра гісторыю старажытнага Рыма: "Зразумела, што гэта чалавек, з якім можна паразмаўляць на многія тэмы". Уладзімір жа, у сваю чаргу, быў зачараваны эмпатыяй і пачуццём гумару дзяўчыны з Казахстана. На развітанне ён пакінуў ёй свой нумар тэлефона з подпісам "маёй жонцы Ніне".

"Канешне, было страшна. Ніна не адразу адказала ўзаемнасцю, - кажа Уладзь. - Нам было дастаткова цяжка будаваць адносіны, таму што яна жыла за 6000 кіламетраў, даводзілася праз электронную пошту перадаваць свае пачуцці".

"У гэтых лістах мы працягвалі наша жыццё"

Перапіска стала для іх паратункам і тады, калі ў 2021 годзе Уладзімір апынуўся ў турме. За час зняволення ён напісаў жонцы больш за паўтысячы лістоў. "У гэтых лістах мы працягвалі наша жыццё. Уладзь узгадваў сумесныя паездкі, цёплыя моманты, некаторыя асабістыя рэчы і словы, зразумелыя толькі нам", - дзеліцца Ніна.

Уладзімір правёў у зняволенні чатыры з паловай гады. Ніна чакала мужа падчас кожнага вызвалення палітвязняў, а калі гэта адбылося - проста не магла паверыць: "Я патэлефанавала яго маці, хвіліну-паўтары нічога не магла вымавіць, проста глытала слёзы".

"Гэта было вялізнейшае шчасце, больш, чым дзень народзінаў, - кажа пра сваё вызваленне Уладзімір. - Я ў думках прыспешваў аўтобус з Чарнігава да Вільні (Уладзімір разам з іншымі палітзняволенымі пасля вызвалення быў вывезены ва Украіну. - Рэд.). Мы ўсю дарогу прагаварылі з Нінай па тэлефоне".

"Насалоджваюся момантамі, калі мы можам быць разам"

"Уладзь вельмі моцны і адэкватны. Гэта вельмі важнае слова для людзей, якія прыходзяць адтуль, дзе ён быў", - адзначае Ніна. Па яе словах, іх адносіны не змяніліся, быццам і не было гадоў растання.

"Я занава знаёмлюся з дзецьмі, таму што дачцы было 13 год, калі я патрапіў за краты, а цяпер 18, сынам было па 7, цяпер - 12, - распавядае Уладзімір. - Я насалоджваюся момантамі, калі мы можам быць разам".

Ніна і Уладзімір мараць ўсёй сям'ей адправіцца ў падарожжа. На пытанне, якая краіна будзе першай, Уладзімір без сумневаў кажа: "Італія. Я такі рымафіл, што ўсю сям'ю захапіў гэтай любоўю да гісторыі, таму, канешне, мы вельмі хочам паглядзець на гэтыя антычныя камяні".

Пропустить раздел Еще по теме

Еще по теме

Показать еще