Лабковіч: Нам заматалі рукі і вочы скотчам - так мы і ехалі
29 декабря 2025 г.
Праваабаронца "Вясны" Уладзь Лабковіч больш за чатыры гады правёў у зняволенні. Ён прайшоў праз катаванні холадам і месяцы ў адзіночцы, але не страціў веру ў правы чалавека. У інтэрв’ю DW ён распавёў, як следчы ганарыўся Нобелеўскай прэміяй Алеся Бяляцкага, у якім стане вызваленых вывозілі ва Украіну і што дае сілы працягваць праваабарону.
Deutsche Welle: Уладзь, ці было ў зняволенні да вас асаблівае стаўленне, бо вы праваабаронца?
Уладзь Лабковіч: Калі мяне прывезлі ў калонію ў Шклове, супрацоўнікі адразу заявілі, маўляў, калі "Вясна" хоча зрабіць з цябе сакральную ахвяру, мы ўсяляк будзем гэтаму спрыяць, будзеш у нас на асаблівым абслугоўванні. Начальнік казаў: буду адпрацоўваць Нобелеўскую прэмію Бяляцкага. І першы год я вельмі часта трапляў у штрафны ізалятар, дзе былі цяжкія ўмовы - месяцы ўтрымання ў адзіночцы, катаванні холадам. У сваім атрадзе я стаў чэмпіёнам па часе, праведзеным у ШІЗА. Агулам за ўвесь час зняволення я правёў там 150 сутак.
- Як вы даведаліся пра тое, што вашаму калегу Алесю Бяляцкаму далі Нобелеўскую прэмію?
- У той час мы з вясноўцамі знаходзіліся ў СІЗА на Валадарскага. Аднойчы адкрываецца кармушка камеры, канвойны кліча мяне па прозвішчы і кажа: "Я бачыў у навінах, што твайму Бяляцкаму далі Нобелеўскую прэмію". Я падумаў, што гэта нейкая лухта, адмовіўся верыць. Але супрацоўнік настойваў: "Усе пра гэта пішуць". Я, канешне, падзякаваў за інфармацыю. Праз гадзіну мяне выклікалі на азнаямленне са справай, і там ужо следчы пацвердзіў тое самае. Ён быў проста ашаломлены гэтай навіной, паўтараў, што будзе з гонарам усім расказваць, што дапытваў самога Нобелеўскага лаўрэата, хаця да гэтага ён на следстве трымаўся максімальна спакойна і не праяўляў эмоцый. Думаю, у яго паднялася самаацэнка, магчыма, гэта была самая яркая падзея ў ягоным жыцці.
- Якое выпрабаванне за чатыры гады зняволення было найбольш цяжкім для вас?
- Я б выдзеліў тры найбольш балючыя моманты. Мяне затрымалі разам з жонкай, і першыя дзесяць дзён яна таксама знаходзілася на Акрэсціна. Гэта было жахліва, я вельмі баяўся, што могуць забраць нашых траіх дзяцей, тым больш мне пра гэта ўвесь час казалі, маўляў, ім жа няма з кім цяпер застацца. Другі момант - навіна пра смерць праваабаронцы Алега Гулака, вельмі важнага для мяне чалавека - настаўніка, сябра. І трэці - бясконцае знаходжанне ў штрафным ізалятары. У Шклове я сутыкнуўся з такім свавольствам супрацоўнікаў, што, калі яны захочуць, ты наогул не выйдзеш з ШІЗА.
- У гэтай калоніі, яшчэ да вашага затрымання, памер палітвязень Ашурак. Няўжо гэта ніяк не паўплывала на супрацоўнікаў, не напалохала іх?
- Мяне шакавала, што смерць Вітольда Ашурка аніяк не спыніла іх. Яны і далей ходзяць па тонкім лёдзе: ствараюць для палітычных зняволеных умовы, якія наўпрост пагражаюць іх жыццю. Усе праблемы са здароўем у мяне адбыліся менавіта там. І начальства адкрыта кажа, што ім пляваць на зняволеных, на тое, будуць яны жыць ці не, - я і сам гэта неаднаразова чуў.
- Як вы зразумелі, што вас вызваляюць?
- Надзея з’явілася ноччу напярэдадні вызвалення. Маіх сукамернікаў кудысьці забралі, я лёг спаць, як раптам зайшлі супрацоўнікі і загадалі выходзіць з рэчамі. У падвале, дзе звычайна праводзяць вобшук, мне прапанавалі распісацца за грошы, якія знаходзіліся на маім рахунку, а я ведаю, што іх выдаюць, толькі калі выходзіш на волю. Да раніцы мяне пакінулі ў размеркавальнай камеры. Пасля апранулі на галаву балаклаву, каб я нічога не бачыў, нацягнулі на рукі кайданкі, пасадзілі ў легкавушку і кудысьці павезлі. На ўсе мае пытанні, што адбываецца і куды мяне вязуць, ніхто не адказваў.
- Якая атмасфера была ў аўтобусе, які вез вызваленых ва Украіну ?
- Спачатку ўсіх пагрузілі ў беларускія аўтобусы, якія везлі нас да мяжы. Там сілавікі заматалі нам рукі і вочы скотчам, каб мы нічога не бачылі і не маглі рухацца. Адзін з іх супакойваў, што хутка нам акажуць медыцынскую дапамогу і пакормяць. Другі ўвесь час бегаў і раў, што калі нехта будзе варушыцца, будзе прыменена фізічная сіла. Так мы і ехалі. Потым у аўтобус зайшлі людзі без апазнавальных знакаў, якія пачалі здымаць нас на мабільныя тэлефоны, і мы не ведалі, хто гэта. А пасля зайшлі супрацоўнікі з украінскімі сцягамі на адзенні, зачыталі прозвішчы тых, хто быў у аўтобусе. Так я даведаўся, што са мной ехалі Бабарыка і Севярынец. Далей нам ужо дазволілі выйсці. І першы, каго я змог абняць, быў Павел Севярынец, мы даўно знаемыя і, канешне, былі шчаслівыя ўбачыць адзін аднаго.
- Мы бачылі кароткае відэа з Украіны, дзе Марыя Калеснікава і Максім Знак спяваюць "Тры чарапахі". Гэта была нейкая вечарына?
- Так, у адзін з вечароў Маша і Макс вырашылі трошкі парадаваць былых зняволеных, бо ўсе былі ў вельмі падаўленым стане. У той установе, дзе мы жылі, у сталоўцы было піяніна. Спачатку думалі выканаць "Развітанне з Радзімай" Агінскага, але вырашылі, што гэта будзе занадта сумна, таму ў выніку спявалі NRM . Гэта я запісаў тое самае відэа. Выйшла вельмі бадзера і абнадзейваюча, і гэта песня стала своеасаблівым гімнам нашага падарожжа на свабоду.
- На першай прэс-канферэнцыі вы вельмі выразна выказалі сваю пазіцыю па Украіне. Як вы даведаліся пра пачатак вайны ?
- У лютым 2022 года я быў яшчэ ў СІЗА на Валадарцы і даведаўся пра гэта з навін па дзяржТБ. За некалькі дзён да таго былі сігналы, што Пуцін здзейсніць напад, таму памятаю сваё трывожнае адчуванне, што гэты жах набліжаецца. На Валадарцы было прасцей - была інфармацыя ад адвакатаў і следчых, якія распавядалі, што адбываецца на фронце. У калоніі навіны былі па расійскім ТБ, але і так можна было зразумець парадак дня. Ужо ў 2025 годзе, калі ў мяне пачаўся турэмны рэжым, мяне адрэзалі ад інфармацыі. Але па Украіне для мяне ад пачатку была зразумелая сітуацыя - і з маральнага, і з прававога пункта гледжання. Мне нават няемка гэта прагаворваць і тлумачыць: Расія ажыццявіла агрэсію, праўда на баку Украіны, якая бароніць сваю зямлю. Мне і да 2022 года было зразумела, чый Крым. Я не палітык і магу сабе дазволіць заяўляць гэта прама. І я жадаю, каб вайна як мага хутчэй скончылася. Няма нічога важнейшага за жыццё і за дзяцей, і на фоне таго, што я перажыў за апошнія чатыры гады, гэта асабліва востра адчуваецца.
- Мяне ўразіла, што першым, каму вы пазванілі з волі, была не жонка, а Бяляцкі. І ён сказаў вам, маўляў, чатыры гады адпачылі, трэба вяртацца да працы. Што дае вам сілы працягваць праваабарону пасля ўсяго перажытага?
- Я лічу, што наш маральны абавязак - працягваць працу. Мне надзвычай сорамна, што я на волі, а шмат добрых людзей, сярод якіх мае калегі Валянцін Стэфановіч, Марфа Рабкова, Наста Лойка, працягваюць быць за кратамі. Трэба зрабіць усё магчымае, каб усе палітвязні выйшлі і каб не было новых. Памятаю, на Валадарцы Бяляцкі нас падбадзёрваў: "Хлопцы, трымайцеся! Нават тут, у турме, мы працягваем сваю працу". Я бязмежна паважаю Алеся, мне было важна пачуць яго голас і натхніцца.